| Масленіца святкуецца ў другой палове лютага – першай палове сакавіка. Гэта адзінае свята, якое дакладна не прымяркоўваецца да пэўнага дня хрысціянскага календара. Абрад сустрэчы першых праяў вясны і провадаў зімы. Узнікла Масленіца ў дахрысціянскую пару, як абрад сустрэчы першых праяў вясны і провадаў зімы. Гэта было вялікае свята для ўсіх людзей, без адзнакі полу і ўзросту, сямейнага ці сацыяльнага стану. Пачынаецца яно з панядзелка. З чацвярга да нядзелі людзі называюць яе “Шырокая Масленіца”. Вядомы беларускі этнограф Адам Багдановіч адзначаў, што яна суправаджалася тымі ж катаннямі з горак на санках, катаннямі на тройках, блінамі, як і ў рускіх, аднак былі і асаблівасці , характэрныя толькі для Беларусі. Так, на Уласа (лічыўся апекуном хатняй жывёлы і святкаваўся 11 лютага), які часта супадаў з Масленіцай, у некаторых мясцовасцях спраўлялі “конскае свята”. Коней лепш кармілі, нічога на іх не вазілі. У Барысаўскім і Лепельскім раёнах існаваў масленічны звычай “вазіць бабу на пачастунак”. Унукі самі ўпрагаліся ў санкі і везлі ўрачыста сваю бабку-павітуху да сябе на бліны ці прывозілі яе на конях. Дзяўчаты збіраліся вечарам і спявалі «масленічныя песні», якія па змесце падзяляліся ў асноўным на дзве часткі. Першыя – пра заклік вясны, чаканне яе, а другія – аб жыцці замужняй жанчыны, прычым гэтыя песні спяваліся пад вокнамі нядаўніх маладых сямей. Масленічныя абрады, як і калядныя, мелі аграрна-магічнае прызначэнне, і мэтай іх было садзейнічаць пладароддзю зямлі і пладавітасці ўсяго жывога.  На свята пяклі бліны, аладкі, ездзілі вакол вёскі. Усе кругавыя рухі, круглыя прадметы, на думку старажытных людзей, дапамагалі сонцу хутчэй зрабіць гадавы круг, паскорыць надыход вясны. 
 У час масленічных святкаванняў паміналі продкаў, нябожчыкаў, а ў час развітання з зімой спальвалі  ляльку «масленіцы». У многіх кутках Беларусі рабілі гэта так: хлопцы бралі ў каго-небудзь старую барану або кола, клалі на іх салому, дровы, вывозілі на жытняе поле ўвечары і там спальвалi пад песні, крыкі, бегалі з галавешкамі адзін за адным і раскідвалі агонь па полі. 
   На Масленіцу спявалася нямала вясёлых жартоўных песень у мажорным тоне.  У шматлікіх кутках Беларусі сёння паспяхова наладжваюцца «Провады зімы» з катаннем на санях, гарачымі блінамі, чаем і абаранкамі. Сёння, як і раней, людзі чакаюць вясну і ўсім сэрцам імкнуцца наблізіць момант, калі яна прыйдзе. Масленіца дае падставу пабачыць і адчуць усю прыгажосць нацыянальнай культуры і яе непаўторнасці.   24 лютага і ў нашым ліцэі святкавалі Масленіцу. Вось як гэта адбывалася… ФОТООТЧЕТ |