
21 лютага ўвесь свет адзначаў Міжнародны дзень роднай мовы. Святкавалі яго і звыш 140 нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі: рускія, украінцы, яўрэі, грэкі, латышы, узбекі...
Але для большасці з нас роднай з’яўляецца менавіта беларуская мова. Роднай — значыць любімай, дарагой, самай-самай... Беларусам многія могуць пазайздросціць: у спадчыну нам засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова.
Паводле даследаванняў ЮНЕСКА, беларуская мова з’яўляецца самай мілагучнай пасля італьянскай.
Магчыма, для кагосьці будзе адкрыццём, што беларуская мова — адна з самых багатых у свеце. І калі ў літаратурнай мове налічваецца дзесьці 250—500 тысяч слоў, то ў дыялектнай — каля двух мільёнаў! На тэрыторыі Беларусі існуць сотні гаворак. Што цікава, часам адрозніваюцца гаворкі не толькі суседніх вёсак, але і двух канцоў адной вёскі!
Самая мілагучная, багатая, песенная і старажытная… Беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі і на ёй гаварылі.
З нагоды дня роднай мовы сваю святочную праграму наладзілі і навучэнцы Ліцэя. Ініцыятарамі яе правядзення выступілі вучні 11 “А” класа.
У інтэлектуальнай гульні ”Пагуляем у роднае слова” прынялі ўдзел не толькі вучні 9-11 класаў , але настаўнікі нашай навучальнай установы. У час правядзення мерапрыемства панаваў святочны настрой. Усе ўдзельнікі імкнуліся прадэманстраваць свае веды, валоданне беларускай літаратурнай мовай.



А ў бібліятэцы ліцэя наведвальнікаў зацікавіла кніжная выстава «Родная мова – духоўная спадчына народа», а таксама графічныя малюнкі з вершамі, цытататамі класікаў літаратуры, беларускімі словамі, якія адлюстроўваюць прыгажосць і ўнікальнасць роднай мовы. |