Суббота, 21.04.2018, 18:59
  Приветствую Вас, Гость
  RSS | Регистрация | Вход
Меню сайта
Категории раздела
Новости самоуправления [29]Лицейские новости [278]
Выпускнику [11]Родителям [32]
Уголок правовых знаний [7]Размаўляй па беларуску [64]
Лицейские субботы [60]Образовательный мир культуры [4]
ШКОЛА БЕЗОПАСНОСТИ [24]750 лет Могилёву [5]
Поиск
Важные проекты
Статистика

 
Пісьменнікі-юбіляры ў красавіку
05.04.2018, 14:35

http://smorgon.grodno-region.by/uploads/files/Duksa-1.jpg

   5 красавіка спаўняецца 75 гадоў вядомаму беларускаму паэту, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэату Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова  Мар’яну Дуксу. Напярэдадні свята 8 Сакавіка ў далёкім 1960 годзе на старонках раённай газеты, якая ў той час выходзіла пад назвай “Савецкая вёска”, з’явіўся верш “Жанчыне” маладога, яшчэ нікому невядомага тады аўтара Мар’яна Дуксы. Юнаку, які нарадзіўся 5 красавіка 1943 года на хутары каля вёскі Каракулічы, на той час не было і семнаццаці. Аднак лёс яго не песціў:

Я нарадзіўся ў сорак трэцім

выпіў горкі час да дна.

Я быў малы, але прыкмеціў,

Якога колеру вайна, —

так пазней напісаў аўтар пра свае першыя дзіцячыя ўражанні, калі “…есці хочацца страшэнна…”, калі “…пахне дымам…”, “…холадна зусім”. У тры гады будучы паэт застаўся без бацькі, дапамагаў маці, якая працавала даяркай. Скончыўшы сямігодку, Свірскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, юнак уладкоўваецца падлікоўцам трактарнай брыгады ў мясцовы калгас, адначасова вучыцца ў Маладзечанскай сярэдняй школе. Зведаўшы смак сялянскай працы, будучы паэт разумее, што неабходна рухацца наперад, атрымліваць веды. У 1964 годзе Мар’ян Дукса паступае на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. І, вядома, піша вершы. Менавіта падчас вучобы ў БДУ фарміраваліся яго паэтычныя густы і сімпатыі. Вось што ўспамінае пра той перыяд жыцця

   М. Дуксы мядзяльчанка Валянціна Станіславаўна Ефімава: “Філалагічны факультэт БДУ, першы курс. Нас тры зямлячкі з Мядзельшчыны: Міраслава Банькоўская, Алена Папок і я. Нехта са студэнтаў падказвае, што ёсць і яшчэ адзін наш зямляк. На перапынку паміж лекцыямі пытаем, хто з Нарачанскага краю. Падымаецца рука юнака, што сядзіць ля акна. Падыходзім, углядаемся, знаёмімся. Прыгожы, з яснымі блакітнымі вачыма хлопец, з добрай усмешкай. Гэта Мар’ян Дукса. Што сказаць больш? Вельмі і вельмі сціплы. Старанны да вучобы. І, бачна, з прыроджанай паэтычнай душой. Адразу ж далучыўся да студэнцкага літаратурнага аб’яднання пры газеце “Беларускі ўніверсітэт”, якім кі¬ра¬ваў Алег Лойка. Рэгулярна наведваў яго пасяджэнні, рыхтаваў і чытаў свае вершы. Дарэчы, да ўніверсітэцкага літаратурнага асяродку далучаліся і многія іншыя аднакурснікі. Мне таксама давялося бываць сярод іх, чуць вершы, літаратурныя погляды-спрэч¬кі, ацэнку твораў вядомымі паэтамі і крытыкамі. А якой падзеяй на факультэце стаў выхад у свет кніжкі студэнтаў пад назвай “Узлёт”! Яе і цяпер старанна захоўваю, бо на старонках — вершы аднакурснікаў Галіны Панько, Міхася Губернатарава, Мар’яна Дуксы і іншых. Калі ў каго верш альбо два, то ў Мар’яна тут іх аж пяць. Гэтым ужо і тады многае было сказана. Літаратурная творчасць земляка, яго светапогляд, чалавечая годнасць мне заўсёды імпануюць. Пераканана, што ўсё разам узятае — гэта крыніца з зямлі Нарачанскай, якая няспынна нясе гаючыя воды ў вечнасць”.

   З дваццаці гадоў Мар’ян Дукса рэгулярна друкуецца ў рэспубліканскіх часопісах. У 1967 годзе ў выдавецтве “Беларусь” выходзіць першы зборнік вершаў паэта пад назвай “Спатканне”. Іх аўтар — студэнт-трэцякурснік. А на пятым курсе Мар’яна Дуксу прынялі ўжо ў Саюз пісьменнікаў, што бывала вельмі рэдка. Адзін за адным з друку выходзяць паэтычныя зборнікі “Крокі” (1972), “Станцыя”(1974), “Прыгаршчы суніц” (1976), “Забытыя словы” (1979), “Зона супраціўлення” (1982), “Твая пара сяўбы” (1985), “Заснежаныя ягады” (1989), “Горн прымірэння” (1993), “Валуны на пагорках” (1994), “Прый¬сці да алтара” (2003). Ёсць і зборнікі для дзяцей “Зялёны акварыум” (1980), “Світаюць сосны” (1986), “Працавітае сонца” (1994).

Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Мар’ян Мікалаевіч паехаў на Смаргоншчыну, у вёску Солы, каб далучаць да ведаў іншых. Паэзія і педагагічная праца назаўжды паядналіся ў яго лёсе.

   Але вернемся да першых зборнікаў М. Дуксы. Пра што пісаў малады аўтар, якія праблемы ўздымаў? Вядома ж, пісаў пра сваё, блізкае яшчэ з дзяцінства, пра родную зямлю і чалавека на ёй, пра каханне і адзіноту, якая даволі часта мяжуе з гэтым светлым пачуццём. Роздум, разважлівасць, засяроджанасць — гэта ўжо выразна акрэсленыя рысы ранняй паэзіі Мар’яна Дуксы. Вось урывак з верша “Мядзельшчына”:

Я клянуся, о край мой дзіўны.

З белай чайкай над сінню вады,

Самай лепшай часткай Радзімы

Будзеш ты для мяне заўжды.

Паэзія Мар’яна Дуксы брала вытокі з любові і болю, любоўю і болем жывілася. Напэўна таму, як адзначаюць крытыкі, вершы паэта глыбокія, праўдзіва-балючыя, адметныя сваёй зямной мудрасцю і філасофіяй:

Штораз прыходзіць

моцнае прагненне —

Адкідваючы самазабыццё,

Уважліва праверыць сачыненне

Пад назваю “Уласнае жыццё”.

Яго праветрыць, як пакой курылкі,

Хоць са спазненнем,

а паліць вазон…

За дужкі часу вынесці памылкі

І ўсе агрэхі змарнаваных дзён.

   У сваёй аўтабіяграфіі “Алтар паэзіі патрабуе чыстай душы” Мар’ян Дукса правёў інтэрв’ю з самім сабой:

— Ці лёгка пісаць табе вершы?

— Лёгка, калі бывае чыстае сумленне, цяжка, калі на яго падае цень легкадумных учынкаў.

— Якія рысы твайго характару цябе задавальняюць?

— Памяркоўнасць, цярплівасць, аскетызм, міласэрнасць.

— Што не падабаецца ў сабе?

— Раздвоенасць, бязвольнасць, апатыя, ад чаго аб’ектыўна пакутую сам і церпяць блізкія.

— У чым заключаецца сэнс жыцця?

— Жыццё — гэта выпрабавальная дарога да берагоў вечнасці. І прайсці яе трэба годна — любячы людзей і Бога.

    У адным з артыкулаў, прысвечаных паэту, у штотыднёвіку “ЛіМ” пазначана: “Ён гаворыць моцным, смелым, натхнёным Божай сілай голасам. Няма бравурнасці і параднасці ў яго творчасці.     Яго душа па-ранейшаму чулая і ранімая… Але глыбокая філасофія жыцця прабіваецца скрозь сумненні і прарастае Верай, Надзеяй, Любоўю”. У кожнай страфе, у кожным паэтычным вобразе адраджаецца мова:

Звініць, віруе наша мова,

Бадзёрыць хмельна, як віно…

Але было спачатку Слова —

Стваральным сталася Яно.

І ўміг Ягоная звышсіла

Прагнала доўгай цемры след.

І ў дзіўным ззянні нарадзіла

Вось гэты наш цудоўны свет…

   На працягу ўсёй сваёй творчай працы Мар’ян Дукса застаецца верным чысціні душы на алтары паэзіі.

   Няхай і надалей радкі паэта

…нясмелаю гурбой

у людскія сэрцы

стукаюцца ветла.

Категория: Размаўляй па беларуску | Добавил: i-klimchuk
Просмотров: 70 | Загрузок: 0 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
avatar

Лицей ГУ ВПО "Белорусско-Российский университет" © 2007-2018

Свидетельство о регистрации в «Государственном реестре информационных ресурсов» №7141000956 от 01.07.2010