Пятница, 17.08.2018, 19:07
  Приветствую Вас, Гость
  RSS | Регистрация | Вход
Меню сайта
Категории раздела
Новости самоуправления [31]Лицейские новости [271]
Выпускнику [11]Родителям [25]
Уголок правовых знаний [7]Размаўляй па беларуску [72]
Лицейские субботы [66]Образовательный мир культуры [4]
ШКОЛА БЕЗОПАСНОСТИ [24]750 лет Могилёву [5]
Поиск
Важные проекты
Статистика

 
8 лютага Івану Мележу – 96!
08.02.2017, 12:31

 

Нарадзіўся Іван Мележ 8 лютага 1921

...Ён быў надзвычай сціплым чалавекам. Нават- сарамлівым. Умеў і любіў выслухаць суразмоўцу, не перапыняў яго нават тады, калі той зусім не меў рацыі; зрабіць жа заўвагу ці то не жадаў, ці то таксама саромеўся... Сам жа Іван Паўлавіч гаварыў спакойна, стрымана, разважліва, нібы ўзважваючы кожнае слова, кожную сваю думку. I гэта было зразумела: ён ведаў сапраўдную цану слова...

А вочы! Якія прыгожыя і разумныя былі ў Івана Паўлавіча вочы... У іх чыталася народная мудрасць і памяркоўнасць, спагада і самая вялікая чалавечая дабрыня!

Яшчэ пры жыцці (а пражыў Мележ, на вялікі жаль, так мала - усяго толькі 55 гадоў!) яго творы былі названы адным, такім "высокім" і, адначасова, заслужаным ім словам - класіка! "Палескую хроніку" Івана Паўлавіча ставілі ў адзін рад з "Ціхім Донам" Міхаіла Шолахава, а хто-ніхто з даследчыкаў- і вышэй... Гэтаксама высока каціраваліся яго раман "Мінскі напрамак", п'есы "Пакуль вы маладыя", "Дні нашага нараджэння"; ды і кожны са зборнікаў апавяданняў і аповесцей - "У завіруху", "Гарачы жнівень", "Блізкае і далёкае", "Што ён за чалавек", "Белыя вішні і яблыні" і іншыя - адразу ж пасля з'яўлення на свет станавіліся сапраўднай з'явай беларускай нацыянальнай літаратуры.

Іван Мележ (1921-1976) нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна - у самай глыбіні беларускага Палесся. Адтуль, з народных глыбінь, выйшлі ў свет і пайшлі ў літаратурную бессмяротнасць і героі Івана Паўлавіча: менавіта там ён вывучаў іх характары, рабіў абагульненні чалавечых рыс, паводзін, характараў... Вёска ў мірным стваральным жыцці, родныя мясціны і вайна, лёс асобнага чалавека і народа ў цэлым падчас суровых, смяротна небяспечных, выпрабаванняў - гэта і былі асноўныя тэмы глыбіннай, таленавітай і непаўторнай даследчыцкай працы Мележа-літаратара, Мележа-творцы.

Суровыя і жорсткія выпрабаванні "наладзіла" жыццё і самому Івану Мележу...

Адразу ж пасля сканчэння мясцовай дзесяцігодкі 17-гадовага юнака запрасілі на працу ў Хойніцкі раённы камітэт камсамола. У наступным, 1939 годзе, Іван паступае ў надзвычай прэстыжную вышэйшую навучальную ўстанову - Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. Тады ж пачаў выступаць у друку з вершамі. Адным з першых сярод іх стаў верш "Радзіме", апублікаваны ў лютым 1939-га ў "Чырвонай змене":

У тваіх, адзіная, прасторах Гонар векавы наш і краса, - Гарманісты песні табе дораць, Песні на найлепшых галасах. Ты пачуй - у песнях тых пяецца, Што ў палях, у морах і ў баю Для цябе, адданыя ўсім сэрцам, Маладосць гартуем мы сваю.

Здавалася, наперадзе такое цікавае, багатае і насычанае на падзеі жыццё! Аднак лёс распарадзіўся па-іншаму... Ужо з першага курса Маскоўскага інстытута Мележа прызываюць у Чырвоную Армію, а летам 1940-га ён прымае першае баявое хрышчэнне - удзельнічае ў вызваленні Паўночнай Букавіны.

З першых дзён Вялікай Айчыннай ён на фронце. Баі з вялізнымі, непапраўнымі стратамі баявых сяброў пад Уманню, Нікалаевым, Растовам-на-Доне, Лазавой. Варожая куля не мінае і Івана: у чэрвені 1942 года ён атрымлівае цяжкае раненне. Лячэнне ў шпіталі ў Тбілісі, і камісія прызнае яго "годным да нестраявой".

Івана Мележа накіроўваюць у тыл: спачатку ў Бугуруслан, потым - у Малдавію, дзе ў педагагічным інстытуце ён выкладае ваенную падрыхтоўку. Знясіленыя, аднак магутныя арганізм, душа і характар маладога чалавека прагнуць ведаў, і шчасце нарэшце ўсміхаецца яму: у 1943-м Івана пераводзяць у Беларускі дзяржаўны універсітэт, які базіраваўся тады на падмаскоўнай станцыі Сходня. Працу тым жа выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі ён спалучае з вучобай на завочным аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ, пасля пераводзіцца на стацыянар і ўжо ў вызваленым Мінску атрымлівае дыплом аб вышэйшай адукацыі.

Прага да ведаў аднак не змяншаецца: Іван Паўлавіч паступае ў аспірантуру і пачынае выкладаць родную беларускую літаратуру там жа, у родным Белдзяржуніверсітэце. Тады і зрабіў ён першую сур'ёзную заяўку ў мастацкай прозе - сваімі апавяданнямі і аповесцямі, эсэ і нарысамі.

Праўда аб "Людзях на балоце"

Згадваючы вытокі свайго шляху ў літаратуру, Іван Мележ пісаў: "Я нарадзіўся і вырас на Палессі. Гэты сапраўды цудоўны край і яшчэ болей цудоўныя яго людзі - палешукі - увайшлі ў маю свядомасць з таго часу, як я стаў помніць сябе... Я суткамі мёрз у акопах, а перад маімі вачамі стаяла маё гарачае Палессе. Я месяцамі валяўся ў шпіталях - у мяне ў галавах стаялі палешукі. Я пісаў раман пра вайну - яны стаялі за маімі плячамі, хвалюючы маё ўяўленне. I вось настаў дзень, калі я выразна адчуў: усё, больш не магу, трэба пісаць..."

"Раман пра вайну", згаданы Іванам Паўлавічам, - гэта "Мінскі напрамак", твор, які стаў адным з першых у нашай літаратуры панарамным палатном, прысвечаным Вялікай Айчыннай, а дакладней - вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Створаны напрыканцы 40-х - на пачатку 50-х гадоў, ён вызначаўся сярод іншых твораў эпічнай паўнатой, цэласнасцю ўзнаўлення характараў і канкрэтных ваенных рэалій. Глыбокае веданне і асэнсаванне шматлікіх абставін і сітуацый, майстэрства апісання рэчаіснасці і пранікненне ў самую сутнасць гераізму, свядомы паказ маштабнасці баявых падзей вызваленчай барацьбы за Беларусь вясной і летам 1944-га- праявіўшы ўсё гэта пры рабоце над раманам, Іван Мележ здолеў рэальна і па-мастакоўску таленавіта ўславіць насамрэч бессмяротны подзвіг воінаў Чырвонай Арміі, партызан, падпольшчыкаў і мірнага насельніцтва падчас самага трагічнага выпрабавання.

А потым была "Палеская хроніка" - такі ж, а можа нават і яшчэ больш маштабны твор, у якім напоўніцу знайшла адлюстраванне адна з найважнейшых і традыцыйных тэм у беларускай літаратуры, - сялянская. Як ніхто з іншых беларускіх творцаў, Іван Паўлавіч змог данесці да чытачоў атмасферу і дух 20-х гадоў XX стагоддзя - часу, які стаў у гісторыі нашай Бацькаўшчыны як эвалюцыйна-абнаўляльным, так і супярэчліва-трагічным. Як зазначаў адзін з даследчыкаў творчасці Івана Паўлавіча, "стрыжань мележаўскіх раманаў - паказ працэсу развіцця чалавека ў цесным адзінстве з сацыяльна-гістарычнай дэтэрмінаванасцю характараў..."

Шкада толькі, што трэці з раманаў "Палескай хронікі" - "Завеі, снежань" - застаўся незавершаным...

Першыя дзве часткі "Палескай хронікі" - раманы "Людзі на балоце" і "Подых навальніцы" - былі ўганараваны вышэйшай савецкай літаратурнай узнагародай - Ленінскай прэміяй. Іван Мележ быў таксама ўдастоены званняў народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, узнагароджаны некалькімі ордэнамі і медалямі. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага Савета Міру.

 

Категория: Размаўляй па беларуску | Добавил: a-pletnev
Просмотров: 297 | Загрузок: 0 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
avatar

Лицей ГУ ВПО "Белорусско-Российский университет" © 2007-2018

Свидетельство о регистрации в «Государственном реестре информационных ресурсов» №7141000956 от 01.07.2010