Суббота
27.04.2024 07:44

ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ
Меню сайта

Для всех

Категории раздела
Новости самоуправления [66] Лицейские новости [693]
Достижения [115] Знаковые события [45]
Выпускнику [40] Всё о ЦЭ/ЦТ [7]
Всё о ЦТ [2] Будущим лицеистам [19]
Родителям [86] Уголок правовых знаний [23]
Размаўляй па беларуску [132] Лицейские субботы [242]
ШКОЛА БЕЗОПАСНОСТИ [143] 750 лет Могилёву [5]
Ресурсный центр по математике [8] Ресурсный центр по астрономии [18]
Расписания консультатций и экзаменов для IX классов [2] Расписания консультатций и экзаменов для XI классов [3]
80-летие освобождения Республики Беларусь от немецко-фашистских захватчиков [4] Концепция развития общества на 2024-2025 [6]
РОДИТЕЛЬСКИЙ УНИВЕРСИТЕТ [9] ОО "БРСМ" [7]

Важные проекты


Википедия       
        
 
Закон о борьбе с коррупцией

Поиск



Да 100-годдзя з дня нараджэння А.В.Пысіна
01.04.2020, 20:32

   22 сакавіка 2020 года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта Аляксея Васільевіча Пысіна.

   Нарадзіўся Аляксей Васільевіч у вёсцы Высокі Борак Краснапольскага раёна, што на Магілёўшчыне, у сялянскай сям’і. У 1938 годзе паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі імя Кірава ў Мінску. З другога курса быў накіраваны на працу ў рэдакцыю Бельскай раённай газеты на Беласточчыну. Вялікую Айчынную вайну прайшоў сувязістам, удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Быў двойчы паранены. Узнагароджаны медалямі, у тым ліку медалём «За адвагу».

   З 1946 года працаваў у раённым друку, у абласной газеце «Магілёўская праўда». Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Саюзе пісьменнікаў СССР у Маскве  (1958). З 1974 па 1981 год з’яўляўся сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

   Першы верш А. Пысін апублікаваў у 1938 годзе ў газеце «Чырвоная змена». У 1951 годзе выходзіць зборнік «Наш дзень», у 1959 – «Сіні ранак». Вершы паэта адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі, прасякнуты патрыятызмам і грамадзянскім пафасам.

   У зборніку «Сонечная паводка» (1962) адбываецца зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей паэзіі А. Пысіна. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта. У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), разгортваецца суровы летапіс памяці. Драматызм ваеннага часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў становіцца найважнейшай адзнакаю эстэтычнай вартасці вершаў А. Пысіна.

   Не абышоў сваёй увагай Аляксей Васільевіч і дзяцей. Дзівосны і шматфарбны свет адкрываецца юным чытачам на старонках кніг «Матылёчкі-матылькі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Колькі сонцаў» (1979), у паэмах «Кавылёк» (1966), «Дзяўчынка Марыям» (1970), «Аляксей, Дзяніс, Алёнка» (1984). Героі дзіцячых кніг Пысіна – маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі з іх паўсядзённымі клопатамі і забавамі, дзіцячай назіральнасцю і дапытлівасцю, хітрасцю і свавольствам. Усё створанае для дзяцей гучыць шчыра, выяўляючы вялікія сімпатыі паэта да маленькага чытача, развівае розум, памяць, выхоўвае адчуванне прыгожага.

   А. В. Пысін напісаў кнігу пра народныя песні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот» (1972), пераклаў разам з С. Гаўрусёвым на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» татарскага паэта М. Джаліля (1975), зборнік вершаў калмыцкага аўтара М. Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977).

   Творы паэта перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы. На яго вершы кампазітарамі Л. Курачком, I. Пятровым-Кумінскім і Ю. Федуненкам напісаны песні.

 

Лес і поле – міма,міма,
Лес і поле – чарнатроп.
Не бяжы, прырода, стоп,
Вось мой край, мая радзіма.
……………………………
Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў
у свет.
Дала мне маці гэту мову
Як спадчыну і запавет.
……………………………
Сухі пясок, сухія гаці.
Сухі туман балтыйскіх вод.
На дзюны ўпаў сяржант
Ігнацьеў
Пад біўні зломленых
грымот.
Чарнеюць спаленыя дзюны,
Чарнее глыба валуна.
Парваныя сцякаюць струны:
Сямёнаўна,
Іванаўна…
……………………………
Мой сцяг вышэй усіх няўдач,
Вышэй усіх няпраўд.
Ты будзеш неўміручы, сцяг,
Бо мы цябе нясём
Ў сваёй крыві, у сваіх касцях.
Перадаём — з жыццём.
……………………………
На схіле дня святла яшчэ
даволі,
Вільготны цень кладзе
дубоў сям’я.
О, як патрэбны мне твае
далоні,
Любоў мая.
……………………………
Шчасце так не даецца,
І яго не купіць,
Шчасце сеецца, жнецца,
Шчасце ў кузнях куецца,
У мартэнах кіпіць.


   Усе гэтыя радкі належаць паэту Аляксею Пысіну, 100-годдзе нараджэння якога мы адзначаем сёлета.  Якое ж яго месца сярод пісьменнікаў нашай роднай Беларусі? Адкажу двума словамі: самае пачэснае. Аляксей Васільевіч сёння ў светлым куце беларускай літаратуры. Ён класік, унікальны і тонкі лірык, а пра вайну яго творчасць фенаменальная: ён сказаў сваё слова франтавіка мацней з усіх беларускіх паэтаў, яно на ўзроўні паэзіі Янкі Купалы, Аляксандра Твардоўскага, Канстанціна Сіманава… Хаця ўлады і не паспелі ўганараваць яго званнем, ды ўсё роўна ён з намі, ён народны душою.
    Пра Пысіна яшчэ пры жыцці гаварылі і пісалі больш за іншых. Вазьміце ў рукі кніжку «Вянок Аляксею Пысіну», які складзены мною яшчэ ў 2006 годзе, і вы ўбачыце каля сотні прозвішчаў пісьменнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны,Казахстана…
    Аляксей Пысін вельмі любіў прыроду. І хлапчуком, і ўжо будучы паэтам, выходзіў за ваколіцу і ўсё назіраў, слухаў, запамінаў… Ён бачыў, як «пласт кладзецца, як колас гнецца», чуў шаптанне лоз, пах суніц. Размаўляў з барознамі, з зарою, разумеў спяванне мудрых пчол. Ён любіў родны край, зямлю Прыдняпроўскую, сінявокую Беларусь. І ў вершы пісаў: «Няхай хоць сто зямель прайду — зямлі не трэба іншай».
Украінскі паэт Станіслаў Рэп’ях у прадмове да кнігі Пысіна «Жураўліныя трубы» на ўкраінскай мове прывёў радкі з яго перадсмяротнага верша «Элегія самотнай грывы»:

Пасля вайны, калі
Я сам у плуг упрогся,
Я думаў аб кані:
Куды сышоў, звалокся
Мой добры кося? (…)
Зноў бачу праз гады:
Скон – мінаю пад колы,
Конь — к небу капыты, 
На капытах падковы,
Бляск маладзіковы.
Куды сышоў, звалокся,
Мой добры кося?


  І сказаў пра іх так: «Гэтыя радкі цудоўна перадаюць сутнасць творчага аблічча паэта, своеасаблівасць яго паэтычных драбніц, вобразнай сістэмы, рытмічнага моманту, а галоўнае — характар аўтара, яго трывогу за лёс жыцця, свету. Поле — конь — вайна. Жывая істота нібыта звязвае два полюсы найбольшых інтарэсаў паэта: мірную працу і ўспаміны пра вайну. Тут ён увесь як на далоні, выдатны паэт і грамадзянін. Але ўкласці ўсю творчасць Аляксея Пысіна нават у рамкі бездакорна выверанай схемы немагчыма. Яго паэзія — жывая рака, у якой кожная хваля мае свой, толькі ёй уласцівы водбліск, рака хуткаплынная, глыбокая, пявучая».
У свет пысінскай паэзіі прырода ўвайшла ў прамой сувязі з духоўным жыццём чалавека. А паэт — мужны і светлы чалавек  з сэрцам добрым. Мабыць, таму яго лепшыя вершы выпраменьваюць святло і цеплыню. Вельмі слушна сказала аб гэтым літаратар Маргарыта Прохар: «Духоўны стрыжань яго паэзіі — знітаванасць з роднай зямлёй, з яе зажуранымі ўвосень і ўзнёсла-радаснымі ўвесну, вялікімі і малымі рэчкамі, сінявокімі азёрамі, мядовым водарам лугавых траў, шчымліва-развітальным курлыканнем журавоў, світальнай расой у яблынавым садзе… Усім гэтым поўніцца паэзія Пысіна. У гэтым для мяне яе святло і хараство, яе сіла і веліч. І яе вечнасць».
    Трэба сказаць, што ў творах Пысіна вайна і мірная праца людзей пераплецена, мінулае і сённяшняе знітавана і моцна завязана сялянскім вузлом.Паэт як бы «мінулае з будучым сшывае». Вельмі многія паэты і крытыкі адзначаюць разнастайнасць і інтэлектуальнасць твораў Аляксея Пысіна. Чаму так атрымалася? Адказ  мы знаходзім у манаграфіі Таццяны Хоміч «Мастацкая канцэпцыя чалавека і свету ў лірыцы Аляксея Пысіна»: «…паэтычны свет Аляксея Пысіна гарманічна злучае ў сабе самыя неадназначныя светапоглядныя адценні. Аб’яднальным фактарам стала галоўная тайна быцця, якую паэт разглядваў на працягу творчага шляху: свет — гэта адно цэлае, суладнасць, дзе ўсё ўзаемазвязана і ўсё павінна  быць у раўнавазе, за што ў адказе кожны чалавек».
Творы паэта Пысіна ў бібліятэках чытаюць ахвотна. У Магілёве і Краснаполлі ёсць вуліцы Аляксея Пысіна, мемарыяльныя дошкі. У Палужскай школе сталічнага ўзроўню мемарыяльны літаратурны музей А.В.Пысіна. У абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна штогод ладзяцца Пысінскія літаратурныя чытанні. Магілёў­скі гарвыканкам станоўча разгледзеў пытанне аб выданні маёй кнігі «Народны душою. Жыццё і творчасць А.В. Пысіна».
    І ўсё ж паэту як недадалі пры жыцці, так і сёння недастае той павагі і ўшанавання, якія ён заслужыў. Не ўбачылі свет абяцаныя савецкай уладай зборнік успамінаў пра яго і кніга прозы паэта. А за ўсе наступныя гады ў Рэспубліцы Беларусь не выдадзена аніводнай яго мастацкай кнігі. І чытаць ягоныя патрыятычныя, «высокай праўды ў мільярды кілават» творы у многіх школах і бібліятэках няма магчымасці. І няма яму такой пашаны і павагі ў Магілёве, якая ёсць Канстанціну Сіманаву, а ў Мінску — як Васілю Быкаву, Аркадзю Куляшову, Івану Чыгрынаву, увогуле, народным пісьменнікам, хаця Аляксей Пысін таксама паэт-класік, паэт вялікі. Дарэчы, паэт ён нацыянальны, а не магілёўскі. Спадзя­юся, што настане час, калі нас пачуюць, і памылка будзе выпраўлена.
Аляксей Пысін вершаваным радком сказаў:

Палім мы маршанскую
махорку,
Бачым мы Дняпроўскую
граду.
Будзе сёння бой. На тым
узгорку,
Можа, я таксама ўпаду.
Будуць травы над курганам.
Будуць
Адлятаць у вырай жураўлі.
Нас, напэўна, у свеце
не забудуць,
Успомняць, што на свеце
мы жылі.

   Слова і слава Аляксея Пысіна жылі раней, жывуць сёння, яны ўпэўнена ідуць у будучыню. Вечная слава і вечная памяць народнаму душою паэту! Чытайце творы Аляксея Пысіна!

https://mogpravda.by/ru/issues?art_id=7437

Категория: Размаўляй па беларуску | Добавил: i-klimchuk
Просмотров: 948 | Загрузок: 0
Всего комментариев: 0
avatar

Министерство образования РБ Детский правовой сайт Национальный институт образования Могилевский ОИК Горисполком БРУ
Лицей межгосударственного образовательного учреждения высшего образования "Белорусско-Российский университет" © 2007-2024
Свидетельство о регистрации в «Государственном реестре информационных ресурсов» №7141000956 от 01.07.2010